Трамп падпісаў закон, які дадасьць трыльёны даляраў да дзяржаўнага доўгу ЗША. Даляр і акцыі на біржах падаюць

Дональд Трамп, ліпень 2025. Фота: AFP

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў законапраект аб скарачэньні падаткаў і дзяржаўных выдаткаў, які ён сам назваў «вялікім прыгожым законам». Што вядома пра дакумэнт і чаму яго крытыкуюць.
  • Дакумэнт прадугледжвае зьніжэньне падаткаў і павелічэньне фінансаваньня Пэнтагону і памежнай бясьпекі.
  • Паводле Бюджэтнага ўпраўленьня Кангрэсу, гэты закон дадасьць амаль 3,8 трыльёна даляраў да дзяржаўнага доўгу ЗША на працягу наступных 10 гадоў.
  • Закон таксама прадугледжвае скарачэньне праграм сацыяльнай падтрымкі, у тым ліку Medicaid — мэдычнай дапамогі для людзей зь нізкім узроўнем даходу. Новыя правілы ўскладняць доступ да яе.
  • Гэтая праграма ахоплівае 71 мільён амэрыканцаў, і, паводле Бюджэтнага ўпраўленьня Кангрэсу, гэта можа пазбавіць да 12 мільёнаў чалавек мэдычнага страхаваньня, піша Reuters.
  • Фінансаваньне выдаткаў часткова забясьпечваецца за кошт адмены субсыдый на экалягічна чыстую энэргетыку і электрамабілі. Гэта выклікала публічны канфлікт паміж Трампам і Іланам Маскам, раней саюзьнікам прэзыдэнта. Маск назваў адмену субсыдый «ударам па будучыні» і рэзка раскрытыкаваў Белы дом у сацсетках.
  • Рэспубліканцы падтрымалі дакумэнт (толькі двое прагаласавалі супраць), дэмакраты выступілі супраць і назвалі закон «падарункам багатым».


Найбольшую карысьць ад гэтага дакумэнта атрымаюць амэрыканскія карпарацыі, заможныя грамадзяне і малы бізнэс, піша Reuters.

Пакуль жа на тле падпісаньня закону падае курс даляра ў дачыненьні да асноўных валют і акцыі на біржах, бо трэйдэры апасаюцца, што закон, які перадухіляе кароткатэрміновую пэрспэктыву дэфолту ўраду ЗША, яшчэ больш пагаршае доўгатэрміновыя праблемы з доўгам Амэрыкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кангрэс ЗША ўхваліў закон аб падатках і дзяржаўных выдатках, які крытыкаваў Ілан Маск