Варшава дэпартуе ў Беларусь нападніка на Латушку. Гайдукевіч: напады на апазыцыянэраў «будуць залічаныя пры вяртаньні»

Павал Латушка, архіўнае фота

Яўгену Казанцаву, які напаў на Паўла Латушку ў Варшаве, прысудзілі штраф у памеры 6000 злотых і дэпартацыю, паведамляе Акруговая пракуратура Варшавы.

Пракуратура падала афіцыйны запыт у Варшаўскую Памежную службу аб прымусовым вяртаньні яго на радзіму.

Як зазначыў прэс-сакратар Акруговай пракуратуры Варшавы, пракурор Пётар Антоній Скіба, справа набыла дзяржаўнае значэньне з прычыны характару і месца злачынства. Інцыдэнт адбыўся 2 ліпеня 2025 года падчас лекцыі з нагоды 35-годзьдзя Усходнеэўрапейскага інстытуту пры Варшаўскім унівэрсытэце. Падчас публічнага выступу ў беларускага палітыка і грамадзкага дзеяча, кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня Паўла Латушку малады чалавек кінуў бак са сьмецьцем. Акрамя таго, нападнік выгукваў на адрас палітыка абразы, сьцьвярджаючы, што Латушка нібы «хацеў спаліць усю апазыцыю». Напярэдадні Аляксандар Лукашэнка ў часе выступу на ўрачыстым сходзе да Дня Незалежнасьці 1 ліпеня заявіў, што нібыта менавіта Павал Латушка хацеў сабраць у пасьлявыбарчую ноч у цэнтры Менску штаб Ціханоўскай і спаліць яго, каб ачоліць апазыцыю. Павал Латушка ў адказ назваў Лукашэнку «паталягічным хлусам, які перасягнуў самога сябе».

Пазьней стала вядома, што нападнік – грамадзянін Беларусі, студэнт Варшаўскага ўнівэрсытэта Яўген Казанцаў.

Яму выставілі абвінавачаньні за паклёп і за замах на недатыкальнасьць асобы. Ён прызнаў віну, пакаяўся і растлумачыў, што дзейнічаў у стане афэкту. Казанцаў пагадзіўся на прызначанае пакараньне — штраф і аплату судовых выдаткаў.

Акрамя крымінальнага перасьледу, пракуратура прыняла рашэньне аб дэпартацыі студэнта.

Адразу пасьля нападу Казанцаў распавёў Reform.news пра свае матывы. Мужчына прызнаўся, што ў яго скончылася віза, што «выгарэў» і ня змог абараніць навуковую працу.

29 чэрвеня Казанцаў спрабаваў сарваць выступ яшчэ аднаго беларускага палітыка Зянона Пазняка, паведаміла «Наша ніва». Тым разам Казанцаў выгукнуў «Ганьба!» і ўцёк.

Нападаць на апазыцыйных палітыкаў, каб вярнуцца на радзіму заклікаў 5 ліпеня беларускіх эмігрантаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, старшыня праўладнай ЛДПБ Алег Гайдукевіч. «Навеяла ідэя добрая. Як вярнуцца на радзіму з Польшчы і Літвы тым, хто перажывае, што, можа, нешта зьдзейсьніў і будзе да адказнасьці прыцягнуты, а ў камісію адпаведную зьвяртацца ня хоча», — заявіў ён на сваёй старонцы ў «Інстаграме».

«Сёньня чалавека, які кінуў у Латушку вядром пустым, яму далі штраф 1000 эўра і за кошт польскага боку дэпартуюць у Менск. Вось што трэба рабіць. Бярэш пустое вядро, падыходзіш да Латушкі, Вячоркі ці Ціханоўскага... Плястмасавае, каб не параніць. Кідаеш у іх вядро... У Ціханоўскую ня трэба — жанчына... І вяртаесься дадому», — сказаў Гайдукевіч.

На яго думку, гэты ўчынак «будзе залічаны адпаведнымі органамі пры вяртаньні».

Кіраўнік НАУ Павал Латушка пракамэнтаваў «Позірку» ідэю Гайдукевіча:

«Гэта фактычна адкрывае скрыню Пандоры для ўсіх правакатараў, якія могуць выкарыстоўваць напады на актывістаў, прадстаўнікоў дэмакратычных сіл для наступнага так званага памілаваньня ў Беларусі. А зь іншага боку, гэта стварае дадатковыя магчымасьці для дзеяньняў спэцслужбаў рэжыму Лукашэнкі на тэрыторыі Польшчы для арганізацыі экстэрытарыяльных злачынстваў і перасьледаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СМІ: у Варшаве на Паўла Латушку напаў беларус, які паўтарыў абвінавачаньне Лукашэнкі