Мантас Данелюс, які адбывае пакараньне ў турме ў Правенішкесе за шпіянаж на карысьць Беларусі, хоча абмяняць сябе на грамадзян Літвы, якія сядзяць у беларускіх турмах — ён ужо зьвязаўся з прэзыдэнтам Гітанасам Наўседам і літоўскай пэнітэнцыярнай службай з гэтай нагоды, паведамляе ELTA.
«Я хачу ў Беларусь, але не ў турму, а на свабоду, гэта значыць, каб мяне абмянялі на грамадзян Літвы, асуджаных у Беларусі за шпіянаж на карысьць Літвы: Алену Раманаўскене (6 гадоў), Андрэя Кобеля (9 гадоў), альбо вялікую групу прыхільнікаў Сьвятланы Ціханоўскай, якія сядзяць у беларускіх турмах і ўсё яшчэ чакаюць магчымасьці прыехаць у Літву, якую яны лічаць «абяцанай зямлёй», піша Данелюс у лісьце да журналіста ELTA.
Аднак улады рэкамэндавалі асуджанаму зьвярнуцца ў Міністэрства юстыцыі, якое адказвае за вырашэньне такіх пытаньняў.
«(...) Прэзыдэнт мае права арганізаваць „абмен шпіёнамі“, таму я зьвязаўся з прэзыдэнтам Наўседам і ДДБ (Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі — ELTA). Як відаць з адказу з Адміністрацыі прэзыдэнта, яны змаглі адказаць толькі „мы разгледзелі прадстаўленую вамі інфармацыю“. ДДБ адказала больш падрабязна, нават пераслала мой запыт у Пэнітэнцыярную службу, дзе падрабязна апісаная магчымасьць паездкі ў Беларусь для адбываньня пакараньня, але нічога не сказала пра (...) абмен шпіёнамі», піша Данелюс.
Загадчыцу маркетынгавай службы санаторыя «Беларусь» у Друскеніках Алену Раманаўскене затрымалі, як мяркуецца, у 2023 годзе па вяртаньні ў Беларусь зь Літвы. Як паведамлялі дзяржаўныя СМІ, яе абвінавацілі ў тым, што жанчына «неаднаразова падавала зьвесткі пра пастаяльцаў, якія прыбывалі на адпачынак, у тым ліку і пра высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў». Яе нібыта 10 гадоў таму завэрбавалі літоўскія спэцслужбы. У Менскім гарадзкім судзе 11 чэрвеня 2024 году Алену Раманаўскене засудзілі на 6 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
Андрэй Кобель, былы галоўны ўрач санаторыя «Беларусь», быў засуджаны на дзевяць гадоў пазбаўленьня волі за здраду дзяржаве. Яго таксама абвінавацілі ў супрацоўніцтве за спэцслужбамі Літвы.
15 траўня сёлета апэляцыйны суд Літвы адхіліў апэляцыю 41-гадовага віленскага юрыста Мантаса Данелюса, асуджанага ў верасьні 2024-га за шпіянаж на карысьць Беларусі, і пакінуў яму пакараньне ў 9 гадоў пазбаўленьня волі. Паводле сьледзтва, са студзеня 2022-га Данелюс выконваў заданьні грамадзянкі Беларусі, якая супрацоўнічала зь беларускімі спэцслужбамі, зьбірала і перадавала цікавую для іх інфармацыю.
«Пад выглядам валянтэрскай дзейнасьці Данелюс кантактаваў зь дзейнымі ў Літве арганізацыямі, якія аб’ядноўваюць дэмакратычную апазыцыю рэжыму Рэспублікі Беларусь, асобамі, якія пераехалі ў Літву пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 2020 году, каб пазьбегнуць арышту, пазбаўленьня волі або іншага судовага перасьледу», — паведамляла пракуратура Літвы.
З матэрыялаў сьледзтва вынікала, што Данелюс наведваў памяшканьні беларускіх апазыцыйных арганізацый, удзельнічаў у мерапрыемствах, зьбіраў і перадаваў інфармацыю аб іх дзейнасьці, праектах, крыніцах фінансаваньня, асобах, якія ўваходзяць у арганізацый. Ён таксама зьбіраў інфармацыю пра байцоў палка Каліноўскага ва Ўкраіне.
Паводле сьледзтва, грамадзянка Беларусі, якая супрацоўнічае зь беларускай выведкай і завэрбавала Данелюса, інструктавала яго аб мэтадах збору інфармацыі, якая цікавіць выведку замежнай дзяржавы, і тэхнічных сродках, якія будуць выкарыстоўвацца, а таксама мэтадах перадачы сабранай інфармацыі, патрабаваньнях бясьпекі ўзаемнай сувязі. Як пісалаLRT, вядзецца пра журналістку АТН, прапагандыстку Ксенію Лебедзеву.
Форум